БАЛГА́РСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Пашырана ў Балгарыі (дзярж. мова) і сярод балгараў, што жывуць у Югаславіі, Румыніі і інш. суседніх дзяржавах. Мае 2 асн. групы дыялектаў: усходні і заходні.
У фанетычнай сістэме балгарскай мовы 6 галосных (у тым ліку спецыфічна балг. гук «ъ») і 37 зычных фанем. Граматычныя асаблівасці вызначаюцца яе прыналежнасцю да балканскага моўнага саюза: страта катэгорыі склону (па гэтай прыкмеце балгарскую мову адносяць да аналітычных моў), наяўнасць катэгорыі азначальнасці імені (назоўнік з постапазіцыйным артыклем — «жената», «градът») і спец. пераказвальнага ладу, страта інфінітыву, разгалінаваная сістэма з 9 часоў дзеяслова і інш.
Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 10 ст. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўн.-ўсх. гаворак. Графіка балгарскай мовы ўзыходзіць да кірыліцы.
т. 2, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)